Добры дзень Вялаўск
Мы прыйшлі да цябе
Наша родная вёска
Каб сказаць хоць некалькі
Добрых і цёплых слоў,
Прыйшлі, каб звярнуцца
У недалёкае мінулае.
Родная зямля, любая вёска! Вось яна – зямля святая дзядоў і прадзедаў, маіх бацькоў, гераічнай славы. Яна перада мною, са мною. Гэта і мая вішанька, што пяшчотна ласчыць мяне сваімі хвалямі, вабіць няспынным зіхаценнем, імкненнем. І лес, што сустракае мяне дружалюбным пошумам, дарыць мне першую пралеску і першы грыбок… І бяздоннае загадкавае неба нада мной і мая сцежка, па якой я хаджу зараз у школу… Як не любіць усё гэта - блізкае, роднае? Хочацца працаваць, рабіць нешта добрае дзеля сваёй вёскі, Бацькаўшчыны.
Гісторыю ўзнікнення вёскі старажылы не памятаюць. Адсутнічаюць і археалагічныя звесткі. Аб пачатковых звестках пра вёску Вялаўск мы даведаліся з кнігі “Памяць”.
5 -3 - тысячагоддзі да н.э. эпоха неаліту - паселішчы Днепра - данецкай культуры: Навасёлкі, Дарашэвічы, Галубіца, Шастовічы, Майсеевічы, Мардзвін, Снядзін, Вялаўск, Вышалаў, Петрыкаў.
Неалітычныя стаянкі выцягнуліся ўздоўж Прыпяці і яе прытокаў. Як выглядала яна? Старажылы апавядаюць: пасярэдзіне вёскі працякала рэчка Роў - прыток Прыпяці. Яна кішэла рыбай і шмат вадзілася вадаплаваючай птушкі. Клімат быў тады значна цяплейшы, чым цяпер. Вёску акружаў лес, балота, луг з сенакосам. У самой вёсцы людзей пражывала мала. У асноўным людзі пасяляліся аднаасобна. Так утвараліся паселішчы. Называліся паселішчы “Логвінскае”, “Міхайлаўскае”, “Сямёнчык” і г. д. Назвы гэтым паселішчам даваліся ад прозвішчаў людзей, якія жылі на гэтых паселішчах: Піскун Мікалай Логвінавіч, Піскун Сямён, Піскун Міхайла.
Адкуль пайшла назва вёскі Вялаўск? Жыхарка вёскі Піскун Валянціна Пракопаўна расказвае аб тым, што ей гаварылі яе бацькі:
Беркава гара
“На гэтым беразе ракі Прыпяць (правы бераг), дзе зараз знаходзіцца Беркава гара пражываў адукаваны чалавек. Да яго ўсе звярталіся з рознымі пытаннямі на якія ён даваў адказ. Так як на той час гэта быў рэдкі чалавек, яго і празвалі вялікі. Відавочна аснова гэтага слова была і пакладзена ў назву вёскі."